Рет қаралды 36
Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA у Варшаве прадстаўляе:
Вацлаў Ластоўскі як лінгвіст і этнограф. Прэзентацыя кніг выдавецтва “Скарына”
Да 140-годдзя Вацлава Ластоўскага ў выдавецтве “Скарына” выйшлі дзве кнігі, якія дапамагаюць яшчэ лепш зразумець і ацаніць даробак гэтага мысляра, энцыклапедысты і літаратара, што стаяў ля вытокаў адразу некалькіх гуманітарных дысцыплін беларускай навукі.
Зборнік “Мовазнаўчыя працы” (укладальнік Уладзіслаў Гарбацкі) сабраў каля сямідзесяці артыкулаў і нататак рознага аб’ёму, якія з 1912 па 1927 гады друкаваліся ў нашых ранніх перыядычных выданнях і календарах. Разам гэтыя тэксты публікуюцца ўпершыню.
Альбом фотаздымкаў “Экспэдыцыя 1928 г. Вацлава Ластоўскага“ (укладальніца Вольга Лабачэўская) змяшчае матэрыялы этнаграфічнай экспедыцыі на Случчыну і Мазыршчыну. Яна паспела зафіксаваць традыцыйную народную культуру беларускай вёскі напярэдадні індустрыялізацыі, што назаўсёды змяніла быт, лад жыцця і народную архітэктуру. Доўгі час матэрыялы экспедыцыі лічыліся страчанымі падчас Другой сусветнай вайны. 270 здымкаў, аднак, захаваліся ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане, і нарэшце іх рэпрадукцыі атрымалася апублікаваць у адным альбоме.
Падрабязней пра альбом і яго ўзнаўленне можна прачытаць тут: skaryna.org/la.... Упершыню на вялікім экране мы пабачым найпрыгажэнныя здымкі Тодара Гальмаджана - таленавітага фатографа і мастака, які ў 1928 г. далучыўся да каманды В. Ластоўскага.
Удзельнікі: Вольга Лабачэўская, Уладзіслаў Гарбацкі, Ігар Іваноў.